КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. сродкаў і фіз. асяроддзя для перадачы інфармацыі ад крыніцы да прыёмніка па кабелі сувязі; састаўная ч. канала сувязі. Бывае эл. і аптычная (гл. Валаконна-аптычная сувязь); паветр. (падвесная), падземная, падводная і палявая (нестацыянарная, прызначаная для аператыўнай сувязі); міжгародняя і мясцовая; складаецца з кабеляў, кабельных збудаванняў (тунэляў, калодзежаў, апор і інш.) і ўзмацняльных пунктаў (у аналагавых сістэмах перадачы інфармацыі) ці рэгенератаў (у лічбавых сістэмах).
А.П.Ткачэнка.
т. 7, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)